У сэрца
павінна быць тайна,
Я гэта ад
сэрца кажу.
Каханнем,
крыклівым і тайным
Не варта
падманваць душу.
Каханне
жыве непрыкметна,
Як хвалі рачной
ускалых.
Каханне
жыве для сусвету,
Каханне
жыве для дваіх.
Менавіта гэтыя радкі прагучалі напачатку прэзентацыі кнігі «Табой я жыў, табой жыву. Пра жонку Якуба Коласа», якая адбылася ў сельскай бібліятэцы-клубе №8 в.В.Ухолода, 17 кастрычніка, у рамках Тыдня бацькоўскай любові. Узаемаадносіны ў сям’і Канстанціна Міхайлавіча Міцкевіча і Марыі Дзмітрыеўны Міцкевіч могуць служыць яскравым прыкладамм для тых, хто ўжо сёння задумваецца аб будучым і вучыцца будаваць сямейны Храм. Навучэнцы 6-11 класаў ДУА “Вялікаўхалодская сярэдняя школа Барысаўскага раёна” з інтарэсам і ўвагай слухалі аповяд вядучых - бібліятэкара Надзеі Мацюшонак і вучня 11 класа Аляксея Дзям’янчыка аб укладзе сямейнага жыцця беларускага Песняра і яго жонкі Марыі Дзмітрыеўны. У гэтым доме ніхто ніколі не павышаў голасу, тут заўсёды панавала ўвага і ўзаемаразуменне.
Лёс
падараваў Якубу Коласу каханне з адзінай жанчынай, якая на ўсё жыццё стала яго
зоркай, натхненнем, спадзяваннем, шчасцем. Вельмі важна данесці гэты факт да сённяшняй
моладзі, да пакалення, якому належыць будучыня нашай краіны. У кнізе
прадстаўлена шмат пісем з асабістай перапіскі паэта і яго Музы. Яны раскрываюць
духоўнае багацце паэта, яго ўменне кахаць і берагчы блізкага чалавека, давяраць
яму. Колькі цяпла і ласкі ў кожным з гэтых пісем!
Прыемна,
што навучэнцы, якія прысутнічалі на
мерапрыемстве, прачыталі вершы Канстантціна Міхайлавіча, прысвечаныя жонцы,
Марыі Дзмітрыеўне. Сярод чытальнікаў былі: Аляксандра Парчэўская, Мікіта Круглік,
Кірыл Ягораў, Дар’я Палазнік. Верш паэта
В.Шніпа “Балада Марыі Міцкевіч” прачытаў Аляксей Таўпыга. Напрыканцы
мерапрыемства бібліятэкар Надзея Мацюшонак падкрэсліла: “Калі твор Якуба Коласа
“Новая зямля” па праву лічыцца энцыклапедыяй сялянскага жыцця, то кнігу “Табой
я жыў, табой жыву. Пра жонку Якуба Коласа” можна назваць энцыклапедыяй сямейнга
жыцця”.
Да правядзення мерапрыемства супрацоўнікі
бібліятэкі падрыхтавалі кніжную выставу “Душою і сэрцам я з вамі”, на якой была
прадстаўлена творчасць Народнага паэта Якуба Коласа. На прэзентацыі
прысутнічалі намеснік дырэктара школы па асноўнай дзейнасці Піліпёнак М.Ф.,
класныя кіраўнікі і настаўнікі -філолагі.